Клуб спортивного ориентирования "Кронан" О городе Гродно
Из истории Гродненщины.
ЗАМАК У МІРЫ
Мірскі замак - жамчужына беларускай сярэднявечнай архітэктуры. Дакладна невядомы час будаўніцтва гэтай славутай крэпасці, а таксама матывы, чаму менавіта тут яна ўзводзілася. Вядома толькі, што ініцыятарам будаўніцтва быў знакаміты і заможны дзеяч Вялікага княства Літоўскага Юрый Іванавіч Іллініч, які займаў пасады маршалка гаспадарскага і надворнага, кіраваў лідскім, берасцейскім і ковенскім староствамі. Атрымаўшы ў спадчыну ад бацькі і сваякоў шматлікія маёнткі на тэрыторыі Бе-ларусі і Літвы, ён нямала зямель далучыў да іх шляхам куплі, судовых спраў, княжацкіх падарункаў. У ваколіцах Міра ўтварыўся вялікі масіў латыфундый, побач з якім размясціўся адміністрацыйны корпус - "палац Іллінічаў" для кіравання гэтай групай маёнткаў. Як сведчаць даныя раскопак, адзначаныя пабудовы згарэлі. На іх месцы ўладальнік вырашыў пабудаваць мураваную фартэцыю. Неабходнасць яе ўзвядзення дыктавалася выступленнямі сялян супраць феадала, набегамі крымскіх татар, міжусобнай барацьбой паміж групоўкамі паноў. Асабліва варагаваў Юрый Іллініч з Міхаілам Глінскім. Наяўнасць патрэбных сродкаў і таленавітых майстроў-будаўнікоў дазволілі прыступіць да закладкі вялікага абарончага комплексу, які змог бы выстаяць і пры працяглай аблозе, і пры штурмах заваёўнікаў, і пры абстрэле артылерыяй.

Будаўніцтва Мірскага замка праходзіла ў тры этапы. Дзесьці ў пачатку XVI ст. былі пабудаваны вежы і сцены паміж імі. У плане крэпасць уяўляла сабой трохі перакошаны чатырохкутнік, блізкі да квадрата, утвораны сценамі даўжынёй каля 75 метраў. Па вуглах, выступаючы за сцены, стаяць чатыры вежы, а пасярэдзіне заходняй сцяны знаходзіцца пятая, галоўная. У ёй маецца ўязная брама, што закрывалася на ўездзе і выездзе дубовымі варотамі. Акрамя гэтага, пры небяспецы брама хутка перакрывалася герсай - каванымі жалезнымі кратамі, якія звычайна знаходзіліся ўверсе ў зафіксаваным становішчы, а ў выпадку небяспекі імгненна падалі ўніз. Акрамя таго, перад брамай быў яшчэ пад'ёмны мост.

Нягледзячы на некаторую адметнасць, вежы і сцены замка пабудаваны адначасова і, верагодна, пад кіраўніцтвам аднаго архітэктара. Яны маюць заглыбленыя да 4-5 метраў падмуркі з вялікіх валуноў, замацаваных вапнавай рошчынай. Паводле абмераў архітэктара А.Я.Міцяніна, планы вежаў у ніжнім сячэнні блізкія да квадрата. Галоўная вежа мае памеры 11,7 па фасадзе і каля 12 м у глыбіню. Памеры астатніх - 10,7х11,5 м; 10,7х10 м; 10х9,75 м і 10,8х9,8 м. 3 вуглавых вежаў найбольш добра захавалася паўднёва-заходняя. Гэта дало магчымасць вывучыць сістэму планіроўкі і арганізацыю боя з усіх паверхаў. Вежа ўнутры падзялялася на пяць ярусаў, а ў цокалі знаходзіўся склад ваеннай амуніцыі. На першым паверсе размяшчалася сем гарматных байніц, якія фланкіравалі агнём замкавыя вароты, заходнюю і паўднёвую сцены. Адсюль вёўся і франтальны агонь. На другі паверх вяла вузкая і крутая каменная лесвіца. На гэтым паверсе змяшчалася шэсць гармат. Перакрыцце другога паверха - скляпеністае, а астатніх трох - па бэльках. На верхніх паверхах меліся байніцы, з якіх можна было весці стральбу як з гармат, так і з ручной агнястрэльнай зброі. Аб'ёмна-прасторавае рашэнне, унутраная планіроўка, прызначэнне памяшканняў і насычанасць агнявымі сродкамі астатніх вуглавых вежаў у значнай ступені падобныя да паўднёва-заходняй.

Галоўная вежа сваімі формамі, мяккасцю пластыкі і арнаментацыяй найбольш цікавая, яркая і дасканалая. Калі большасць вежаў з чатырохкутнага сячэння пераходзіць на васьмікутнае на ўзроўні чацвётрага паверха, то гэтая - на ўзроўні сцен. Таму яна і выглядае больш стройнай. Шасціяруснае збу-даванне ўзнялося на дваццаціпяціметровую вышыню і выгадна вылучаецца арнаментальнымі паясамі і дэкаратыўнымі нішамі розных формаў і памераў. што ўвабралі ў сябе традыцыйныя сродкі і прыёмы арнаментацыі мясцовага каменнага дойлідства. Тут і парэбрык. і аркатурныя фрызы, і круглыя. трохча-сткавыя з вісячымі гіркамі, паўцыркульныя, спічастыя і іншыя нішы. Другі і трэці паверхі са скля-пеністымі перакрыццямі мелі адпаведна шэсць і сем байніц для стральбы з мушкетаў і гармат. Пазней на другім паверсе была абсталявана капліца. Астатнія паверхі па сваёй планіроўцы аналагічныя, Яны мелі перакрыцці па бэльках і па восем гарматных байніц. Трэба адзначыць, што знізу пачыналася і праходзіла ў тоўшчы вежавай сцяны каменная лесвіца, якая даходзіла да чацвёртага паверха з выхадамі на кожны ярус бою. На самым версе вежы былі машыкулі і "варавыя вокны" для навеснага бою і скідвання на непрыяцеля камянёў або гарачай смалы. Аналагічныя прыстасаванні меліся і на некаторых вуглавых вежах.

Сцены фартэцыі былі пабудаваны з цэглы і камянёў на вышыню 13 м і, на думку В.А.Чантурыі, завяршаліся зубцамі. Таўшчыня іх каля падмурка - да трох метраў. Муроўка трохслойная: знешняя частка сцен складзена на вышыню больш двух метраў шляхам камбінавання каменя і цэглы, а ўнутраная нагадвае забутоўку з дробнага каменя і цэглы. Верхнія часткі сцен, як і вежаў, а таксама цыліндрычныя скляпенні выкананы толькі з цэглы. Характэрна, што сцены мелі тры ярусы бою. Ніжнія зоны сцен праразалі гарматныя байніцы ў выглядзе прасторных камер. Сярэдні ярус ішоў у сярэдзіне сцен, на вышыні прыблізна 8 м ад зямлі. Ён меў выгляд калідора-галерэі вышынёй трохі больш за 2 м з паўцыркульным скляпеннем. Верхні ярус - гэта баявая галерэя на самым версе сцяны, прыкрытая парапетамі з байніцамі.

Нельга лічыць сур'ёзнай легенду пра існаванне падземнай дарогі з Міра ў Нясвіж, але патайны ход з замка ў горад, што знаходзіўся побач, за ракой Міранкай, або ў бліжэйшую ваколіцу ці лес, трэба прызнаць вельмі верагодным збудаваннем. Магчыма, пачатак яго і выявіў Ю.Ядкоўскі ў 1912 г. пад час раскопак у замку. Пры аблозе горада і замка падземны ход даваў магчымасць падтрымліваць зносіны паміж імі, а пры крытычным становішчы быў апошнім паратункам для абаронцаў крэпасці. На першым этапе будаўніцтва замак з усіх бакоў быў акружаны знешнімі землянымі ўмацаваннямі: валамі вышынёй да дзесяці метраў і глыбокім ровам за імі, які, магчыма, не па ўсім перыметры запаўняўся вадой.

Для вырабу будаўнічых матэрыялаў былі пабудаваны заводы-"цагельні". Выпускам цэглы, дахоўкі, кафлі актыўна займаліся мясцовыя майстры. Напрыклад, на некаторых цаглінах ёсць іх клеймы. Якасць прадукцыі праверана стагоддзямі. Вялікая колькасць людзей была занята землянымі работамі, падвозам соцень кубаметраў палявога каменя з навакольных палёў, вапны з рачной прыстані з-пад Свержаня.

Галоўная ж роля ў стварэнніі фартэцыі належала дойлідам. Іх густ і валоданне простымі, характэрнымі для беларускай готыкі выяўленчымі сродкамі дазволілі спалучыць фартыфікацыйныя асаблівасці і будаўнічыя элементы вежаў і сцен замка ў цэласную архітэктурную кампазіцыю і стварыць збудаванне, якое не мае аналагаў у суседніх краінах. Багаты дэкор вежаў у выглядзе пафарбаваных вапнай нішаў і арнаментальных паясоў надзвычай удала кантрастуе з чырвонымі цаглянымі сценамі. Фасады замка раскрываюць арыгінальнасць і прыгажосць абарончага дойлідства, якія знайшлі ўвасабленне перш за ўсё ў сілуэтах вежаў. Выступаючы на фоне неба ў розных спалучэннях, іх "карагод" памнажае разнастайнасць архітэктурнага пейзажу. Можна гадзінамі, быццам зачараванаму, блукаць вакол замка, услухоўвацца ў рэха галасоў і гукаў мінуўшчыны, углядацца ў постаці гэтых пяці калісьці грозных веліканаў, як браты, падобных адзін на аднаго і разам з тым на рэдкасць індывідуальных.

Другі этап будаўніцтва ў замку звязваеца з дзейнасцю ўнука Ю.І.Іллініча - Юрыя Феліксавіча Іллініча. Пасля смерці дзеда у 1526 г. Мірскі замак не адразу перайшоў у спадчыну да яго бацькі, а спачатку да дзядзькі Станіслава, потым, пасля яго смерці, - да Яна Іллініча. Фелікс (Шчасны) Іллініч, абдзелены братамі, звярнуўся са скаргай да караля, які ў лісце да Яна ад 20 лістапада 1531 г. прапанаваў уступіць Феліксу Мірскі замак разам з навакольнымі маёнткамі. Дарэчы, гэта найбольш ранняя дакументальная згадка пра замак. Фелікс Іллініч парадніўся з Радзівіламі, ажаніўшыся з дачкой Яна Барадатага Соф'яй. Вельмі рана іх адзіны сын Юрый стаў сіратой, і апекуном яго быў назначаны Мікалай Радзівіл Чорны, які пазней уладкаваў юнака ў якасці прыдворнага рыцара да нямецкага імператара Фердынанда II. Здольнасці Юрыя заўважылі і яму паабяцалі тытул графа пры ўмове, што ён, паводле звычаяў таго часу, ператворыць сваю крэпасць у магнацкую рэзідэнцыю.

У сярэдзіне XVI ст. на замкавым двары каля ўсходняй і паўночнай сцен былі пабудаваны аднапавярховыя карпусы палаца са шматлікімі складскімі памяшканнямі. 10 ліпеня 1555 г. Юрый Феліксавіч Іллініч атрымаў тытул графа "свяшчэннай Рымскай імперыі на Міры", а замак стаў адміністрацыйным цэнтрам Мірскага графства. Знаходзячыся на службе ў "цэзара хрысціянскага", граф Іллініч з'яўляўся падданым Вялікага княства Літоўскага і меў шмат узброеных людзей для ўдзелу ў ваенных паходах і падтрымання абароназдольнасці замка. Не маючы нашчадкаў, граф у 1566 г. завяшчаў Мірскі замак са ўсімі шматлікімі маёнткамі сыну свайго былога апекуна Мікалаю Крыштофу Радзівілу па мянушцы "Сіротка". Гэты дакумент у 1568 г. быў зацверджаны каралём Жыгімонтам II Аўгустам. Такім чынам, замак на доўгія часы перайшоў да магнацкага роду Радзівілаў.

Трэці этап будаўніцтва ў замку прыпадае на апошняе дзесяцігоддзе XVI - пачатак XVII ст. і праводзіўся па ініцыятыве Мікалая Радзівіла Сіроткі. Карпусы палаца надбудавалі да трох паверхаў, што вымагала значных пераробак усходняй і паўночнай сцен крэпасці. Былі закладзены байніцы, прабіты вялікія ваконныя праёмы, а верхняя частка сцен разабрана і ўзведзена нанова. Для ўмацавання брамы перад ёю пабудавалі перадбрам'е - так званы барбакан. Падковападобная ў плане сцяна прымыкала да галоўнай вежы і мела яшчз адзін дзвярны праём, што закрываўся варотамі. Таўшчыня сцяны барбакана - 1,25 м. вышыня - амаль да ўзроўня сцен крэпасці. Даследаванні М.А.Ткачова прывялі да высновы, што ўнутры барбакана быў катлаван, які закрываўся спецыяльным пад'ёмным мастом памерамі 9,75х9,5 м. Лапатападобнай формы мост апускаўся. калі трэба было каго-небудзь упусціць у замак, а затым падымаўся. поўнасцю закрываючы браму галоўнай вежы. На версе барбакана мелася баявая галерэя - памост для стралкоў. Своеасаблівай першай паласой абароны замка сталі бастыённыя ўмацаванні памерамі 170х150 м, дзе знаходзілася дастатковая колькасць гармат.

Пабудаваны ў стылі рэнесансу замкавы палац налічваў больш за сорак пакояў. Сцены яго былі складзены з цэглы, дах - накрыты 8-падобнай чырвонай чарапіцай. Вокны былі зашклёныя як звычайным асветленым шклом. так і каляровым французскім. У некаторых пакоях меліся вітражы з роспісам. Аконнае шкло прамавугольнай і круглай формы манціравалася ў вітражную жылу і ўстаўлялася ў жалезныя рамы, па-мастацку выкананыя спецыялістамі. Падлогі былі паркетныя і выкладзеныя з разнас'тайных плітак.

Прыкладам складанай, разгалінаванай, шмат'яруснай сістэмы ацяплення з'яўляліся шматлікія печы, каміны і дымаходы ў мураваных сценах. Кафляныя печы мелі складаную форму і не толькі абагравалі пакоі, але былі іх ўпрыгожаннем. Іншую функцыю выконвалі кухонныя печы. Яны абкладваліся тэракотавай (непаліванай) кафляй. Печы з шыкоўнай паліванай і паліхромнай кафляй прызначаліся толькі для пакояў на другім і трэцім паверхах. У час раскопак знойдзена восем тыпаў паліхромнай кафлі з рознымі іх варыянтамі. Па зразумелай прычыне найбольш часта сустракаецца "сцянная" кафля квадратнай формы з бокам 20 см і ганчарнай румпай даўжынёй 7-9,5 см. Найбольш пашыраны яе дэкор - раслінны і геральдычны. Прапорцыі корпуса печы падкрэсліваліся "паясавой" кафляй з рэльефамі, выкананымі паводле міфалагічных сюжэтаў. Геральдычны арнамент прад-стаўлены, галоўным чынам, рознымі варыянтамі радавога знака Радзівілаў у выглядзе арла з трыма па-ляўнічымі ражкамі на грудзях. Урачыста глядзяцца букеты, гірлянды, ланцужкі дубовага лісця на кафлях-"каронках". Верх печаў перакрывалі кафлі-"дахоўкі" з тыповым і распаўсюджаным малюнкам рыбінай лускі. Каляровая палітра паліхромнай кафлі разнастайная. Ужывалася белая прыглушаная паліва, сіняя - кобальтавая, цёмна-карычневая празрыстая - марганцавая, глухая жоўтая, зафарбаваная вокіслам сурмы, светла-зялёная - сумесь жоўтай і сіняй. Выразнасць малюнка ў значнай ступені пад-крэслівалася рэльефным яго выкананнем.

Архіўныя дакументы і літаратурныя звесткі дазваляюць уявіць прыгажосць палацавых інтэр'ераў. Сцены пакояў былі аздоблены мармурам, ляпнінай, шпалерамі. Тут вісела дарагая зброя і іншыя каштоўныя рэчы. У палацы было шмат скульптур, карцін, габеленаў. Магчыма, у адным з пакояў размяшчалася бібліятэка, бо Мікалай Крыштоф Радзівіл любіў чытаць і сам пісаў кнігі. Напрыклад, яго кніга пра падарожжа ў Палестыну, Сірыю і Егіпет перакладзена на многія замежныя мовы. У галоўнай вежы ўстанавілі вялікі гадзіннік са званамі, сярод якіх быў мілагучны ажурны звон. Гадзіннік працаваў накшталт курантаў Спаскай вежы маскоўскага крамля. У замку былі алтар святога Хрыстафора, бровар, пякарня, кардыгарда (каравулка), турма, лазня, кухня і інш. 3 поўдня да крапасной сцяны прыбудавалі стайню на 30 стойлаў і вазоўню. 3 паўночнага боку за валам быў разбіты "італьянскі сад", у якім, акрамя алеяў з мясцовых парод дрэў, налічвалася больш за 400 цеплалюбівых раслін з розных куткоў зямнога шара. У халодны перыяд яны захоўваліся ў спецыяльнай пальмярні. У "італьянскі сад" з другога паверха палаца ад паўночнай сцяны вёў спецыяльны мост, які абапіраўся на высокія папарна пастаўленыя цагляныя слупы.

Такім чынам, Мірскі замак у XVII ст. ператварыўся ў раскошны фартэцыйна-палацавы комплекс, у якім надзвычай удала спалучаліся рысы абарончага збудавання і велічнасць палацавай пабудовы.

Вельмі шкада, што такую прыгажосць часта і бязлітасна руйнавалі войны. Пад час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай, у канцы жніўня - пачатку верасня 1655 г. замак быў пад аблогай украінскага гетмана Івана Залатарэнкі і маскоўскага ваяводы А.Н.Трубяцкога, а ў канцы года верхні паверх палаца моцна пацярпеў ад артылерыйскага абстрэлу шведскім атрадам, які прывёў Багуслаў Радзівіл, каб расквітацца за нейкую крыўду з Міхаілам Казімірам Радзівілам.

Хутка замак адрамантавалі. У ім па-ранейшаму неслі баявое дзяжурства служылыя людзі - шляхта. 21 снежня 1705 г. Караль Станіслаў Радзівіл гасцінна прымаў тут рускага цара Пятра I. У час Паўночнай вайны існавала рэальная пагроза і для Міра. Госць абяцаў прыслаць казакаў Мазепы для абароны радзівілаўскіх маёнткаў ад нападаў шведаў. Аднак у сакавіку 1706 г. шведы на чале з каралём Карлам XII захапілі горад і аблажылі замак. 27 красавіка ён быў узяты штурмам і спалены. Пазней яго адрэстаўравалі.

Трэба адзначыць, што нават тады, калі князі ў замку не жылі, у яго кладоўках заўсёды быў неабходны запас правіянту. Напрыклад, паводле інвентару ад 15 лістапада 1688 г., калі Юрый Радзівіл перадаваў замак "у дазор і кіраванне" мірскаму гараднічаму К.М.Шульцу, у сутарэннях знаходзілася сем бочак крулявецкага віна, две бочкі венгерскага, пяць бочак віна іншых гатункаў, дванаццаць бочак піва карэліцкага і мясцовай вытворчасці, шэсць бочак пітнога мёду, бочка міногаў і іншыя прадукты.

У 1753 г., пасля разводу з другой жонкай, у Мірскі замак на пастаяннае жыхарства перабраўся Караль Станіслаў Радзівіл па мянушцы "Пане Каханку", раскоша і лад жыцця якога уражвалі нават заходнееўрапейскіх багацеяў. Ен часта наладжваў у замку забавы і балі з оргіямі, на якія запрашаў шмат гасцей. У верасні 1785 г. тут гасцяваў апошні кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі.

У сувязі з падзеламі Рэчы Паспалітай зноў прыйшлі трывожныя часы: пачаліся ваенныя дзеянні. Пры падаўленні паўстання Тадэвуша Касцюшкі ў 1794 г. рускае войска А.В.Суворава пасля штурму захапіла замак. Пазней, у час напалеонаўскага нашэсця, 9-14 ліпеня 1812 г. пад сценамі замка праходзілі жорсткія баі паміж ар'ергардам 2-й рускай арміі і конніцай маршала Даву. 12 ліпеня замак наведаў брат Напалеона Жэром Банапарт. 10-11 лістапада пад яго сценамі адбыўся бой паміж французамі і арміяй рускага адмірала Чычагава. На працягу ўсёй кампаніі 1812 г. Мірскі замак быў апорным пунктам кавалерыі генерала Дамброўскага, што змагалася на баку французаў. Выбух парахавога склада, які размяшчаўся ў паўночна-ўсходняй вежы, нанёс ёй значныя пашкоджанні. Сумны лёс напаткаў не толькі пабудовы, але і ўсё, што ў іх знаходзілася. Назаўсёды страчаны шматлікія замкавыя гарматы, якіх у Міры было не менш, чым у Нясвіжы", а таксама іншае ўзбраенне, невядома куды падзеліся куранты, разрабаваны багацці палаца.

Дамінік Радзівіл, які ваяваў на баку французаў (камандаваў уланскім палком), пры адступленні падаўся на Захад і ў 1813 г. ад раненняў памёр. У наступным годзе загадам расійскага імператара ўладанні князя былі перададзены яго дачцэ Стэфаніі, а затым у якасці пасага сталі ўласнасцю князя Л.Вітгенштэйна. Новы гаспадар не меў намеру клапаціцца пра росквіт маёнткаў, ён паздаваў іх у арэнду. Не турбаваў яго і лёс замка, які паступова ператвараўся ў руіны. Толькі ў 1870 г. на чатырох вежах былі ўзведзены часовыя дахі.

У 1891 г. Мірскі замак разам з некаторымі маёнткамі купіў князь Мікалай Святаполк-Мірскі (гл. фота). Яго сын па-свойму разумеў выгаду ад перайшоўшага ў спадчыну унікальнга помніка архітэктуры. Пайшлі чуткі, што вядуцца перагаворы з яўрэйскімі купцамі аб продажы ім замкавай цэглы. Вучоныя і грамадскасць забілі трывогу. Аднак вялікая колькасць цэглы была раскрадзена. Лічаць, што з яе рабілі не толькі яўрэйскія дамы, але і пабудавалі млын на рацэ Міранцы.

Толькі ў 1922 г. Міхаіл Святаполк-Мірскі распачаў рэстаўрацыйныя работы ў замку. Яны працягваліся да смерці самога князя ў 1938 г. Для кіраўніцтва імі былі запрошаны архітэктар Т. Буршэ з Варшавы, інжынер Ф.Блёх і іншыя спецыялісты. Рэстаўрацыя вялася няспешна, пачынаючы з паўднёва-ўсходняй вежы, а затым і ў палацы - "у год па пакоі". Для азнаямлення з ходам работ у замку сюды ў 1929 г. прыязджаў прэзідэнт Польшчы Ігнацы Масціцкі. Ён добрымі словамі падтрымаў ста-рога князя ў яго высокародных намаганнях. Але акрамя слоў не лішняй была б і матэрыяльная падтрымка. Жыццё князя ішло на спад, а да завяршэння пачатай справы было яшчэ вельмі далёка.

17 верасня 1939 г. у замак прыйшлі чырвонаармейцы. На жаль, сярод іх не знайшлося культурнага чалавека, які б разумеў каштоўнасць замка і таго, што ў ім знаходзілася. Багатая бібліятэка Святаполк-Мірскіх была знішчана, а ў ёй меліся рэдкія і дарагія кнігі. Аўтару давялося бачыць разбітыя і па-калечаныя мармуровыя скульптуры, таленавіта выкананыя ў антычным стылі, і некаторыя іншыя рэчы. У гады вайны замак быў ператвораны ў яўрэйскае гета. Знішчыўшы ў 1941 г. 1,5 тысячы яўрэяў, фашысты яшчэ 850 чалавек сагналі ў сюды. Некаторым удалося ўцячы да партызан, аднак большасць людзей была расстраляна 13 жніўня 1942 г. Часовы прытулак у замку знайшоў нямецкі камендант, жорсткі нацыст Фэст, які палічыў небяспечным пражываць у мястэчку, асабліва пасля нападу партызан на мясцовы гарнізон.

Пасля вайны ў ацалелых пакоях замка непрацяглы час жылі некаторыя жыхары Міра, якія неўзабаве перабраліся на новыя кватэры. Часова працавала тут кравецка-шавецкая арцель "Новае жыцце". Рабіліся спробы прыступіць да рэстаўрацыі замка, і з 1969 г. гэтая справа набыла дзейсны харак-тар. Беларускія археолагі М. А.Ткачоў у 1972 г., А. А.Трусаў у 1980-84, 1989-91 гг. (у 1982 г. - разам з І. М.Чарняўскім) правялі раскопкі ў замку і яго бліжэйшых ваколіцах, вынікі якіх дазволілі атрымаць каштоўныя матэрыялы, вельмі неабходныя пры распрацоўцы праекта рэстаўрацыі гэтага славутага помніка. Прапаноўваліся розныя падыходы да рэстаўрацыі і прыстасавання замка. Вялікую работу пра-вялі Д.С.Бубноўскі, В.В.Калнін і іншыя архітэктары. Да важнай справы былі прыцягнуты спецыялісты-будаўнікі з Мінска, а таксама майстры і навучэнцы прафесійна-тэхнічнага вучылішча старадаўніх ра-мёстваў, размешчанага ў Міры побач з аб'ектам. Руплівымі рукамі кваліфікаваных працаўнікоў пад кіраўніцтвам Б. А. Кракавецкага падняты да першапачатковага ўзроўню сцены крэпасці, адрамантавана паўднёва-заходняя вежа, у якой 31 кастрычніка 1992 г. ўрачыста былі прыняты шматлікія наведвальнікі для агляду музейных экспазіцый, у тым ліку і з раскопак Мірскага замка. Рэстаўрацыйныя работы пра-цягваюцца, і трэба пажадаць поспеху ўсім, хто прымае актыўны ўдзел у адраджэнні былой прыгажосці архітэктурнага помніка.

Пасля тэрміновай і высокаякаснай рэстаўрацыі Мірскі замак павінен стаць цэнтрам культурнага жыцця нашчадкаў - жыхароў гарадскога пасёлка і ўсёй Беларусі. Ён можа быць цікавым для турыстаў з усяго свету. Пажадана аднавіць належны інтэр'ер, характэрны для XVI-XVIII стагоддзяў, у адпаведных пакоях палаца, асабліва там, дзе спыняліся каралі, імператары і іншыя сусвет-навядомыя дзеячы. Павінна прадугледжвацца належная інфраструктура па абслугоўванні наведвальнікаў з рознабаковымі інтарэсамі, якія змаглі б не толькі паспытаць розных страў, прыгатаваных па сярэднявечных рэцэптах вопытнымі паварамі і кулінарамі, але і набыць па-мастацку выкананыя сувеніры, копіі старадаўніх рэчаў, карціны з відамі замка і іншых архітэктурных помнікаў Міра.
Часопіс "Падарожнік" № 5-6, 1997 г.
Главная | Клуб | Разное | БФА | Гостевая книга
Hosted by uCoz